Масленіца

14.03.2021
Масленіца - старажытнае беларускае свята, якое сімвалізуе веру нашых продкаў у сілы прыроды і звычайна звязваецца з наступленнем вясны.

Як і заўсёды, у гэты дзень работнікамі Дома культуры былі арганізаваны традыцыйныя масленічныя гульні з частаваннем блінамі, песнямі і жартамі, а таксама тэатралізаваныя дзеянні з удзелам Скамарохаў, Масленіцы, Зімы, Вясны і іншых герояў.

Сімвалам свята здаўна ў нашых продкаў лічылася і абрадавая лялька Масленіца. Спаліць чучала Масленіцы - значыць развітацца з нягодамі і няўдачамі, аддаць агню ўсё дрэннае, што адбывалася на працягу года. А маленькую ляльку, хатнюю Масленіцу, гаспадыні рабілі з тканіны і выкарыстоўвалі ў якасці абярэгу. Лялька размяшчалася над уваходам у хату і прымала на сябе ўвесь негатыў, які мог бы пашкодзіць гаспадарам. На Масленіцу яе спальвалі разам з чучалам, а сабе рабілі новую. 

У межах праекта «Абрадавая лялька як адлюстраванне традыцый і нацыянальных асаблівасцей беларускага народа»кіраўнік праекта Ларыса Паўлаўна Шкабарына правяла майстар-класы "Хатняя Масленіца" спачатку ў школе, а ў нядзелю - на святочнай пляцоўцы каля Дома культуры для жыхароў пасёлка. Усе жадаючыя маглі зрабіць сабе на памяць невялікую ляльку-абярэг.