Каляда прыйшла

15.01.2017 23:45:50
Вясёлыя Калядкі прайшлі ў школе 13 студзеня. Вучні, якія наведваюць аб’яднанне па інтарэсах “Тэатральны калейдаскоп”, разам з кіраўніком Людмілай Раманаўнай Рудэнка падрыхтавалі цікавую праграму і павіншавалі вучняў і настаўнікаў са святам.

Сярод калядоўнікаў былі і козачка, і цыганы, і Дзед Мароз са Снягуркай. Яны жадалі ўсім шчасця, здароўя і дабрабыту.

Дарэчы, Каляды – гэта беларускае дахрысціянскае свята, якое працягваецца з 6 па 19 студзеня. Абрад калядавання прыпадае на Шчодры вечар (шчодрую куццю) – 13 студзеня. Па старым стылі гэта быў вечар напярэдадні Новага года. Увечары моладзь і дзеці апраналіся ў цыганоў, «казу» (апранаючы навыварат кажух, маску казы), якую вадзілі па хатах. Акрамя «казы» вадзілі «мядзведзя», «кабылку». Пераапранутыя калядоўнікі спыняліся ля кожнага двара ў чаканні, калі гаспадар запросіць іх у хату. Спявалі песні, скакалі пад скрыпачку і бубен. За гэта атрымлівалі пачастункі (сала, каўбасу), а таксама грошы.

Захаванне абрада калядавання – гэта захаванне культурнай і гістарычнай спадчыны нашага народа.

Павіншаваўшы ўсіх у школе, нашы калядоўнікі наведалі Чыкіна Цімура, вучня 3 класа, які з-за хваробы не можа вучыцца разам з усімі- настаўнік ходзіць да яго дадому. Дзед Мароз і Снягурка ўручылі яму падарунак, а героі Калядак парадавалі цікавай праграмай і добрым настроем. Хлопчык быў вельмі рады і сам з задавальненнем частаваў гасцей цукеркамі.